У Вас в браузере отключен JavaScript. Пожалуйста включите JavaScript для комфортного просмотра сайтов.

Переключиться на мобильную версию.
Новости
Видеопродукция
Печатная продукция
Cувенирная продукция
Наши книги
Презентация
Архив газет
О нас

20.09.2017 Восеньскія абрады ў традыцыйнай культуры беларусаў

Восеньскія абрады ў традыцыйнай культуры беларусаў

Восень пачынаецца з замірання прыроды: зжаўцелага лісця, няяркага сонца, кароткіх дзён і доўгіх начэй. Затое ў традыцыйнай культуры беларусаў свет працягвае развівацца. Пра бесперапыннасць жыцця і восеньскія абрады расказаў загадчык філіяла Веткаўскага музея ў Гомелі Пятро Цалка.

У беларускай культуры чалавек жыве не па лінейнай мадэлі, дзе заўсёды ёсць пачатак і канец, а па кругавой. Восень сімвалізуе тую кропку жыцця, калі пераступаеш праз адзін перыяд і перараджаешся зноў. Тут добра выяўляецца культ збожжа: сабранае ў верасні насенне кідаюць ў зямлю, і расце новы ўраджай. Высока шануюць беларусы і вечныя культы вады, зямлі і сонца. Кожны з іх рэалізуецца ў розны перыяд года. Увосень за аснову бяруць культ агню і сонца. У гэты час чалавек пераходзіць з палёў і вуліцы ў хату. Цяпер рытуалы будуць праходзіць унутры абжытай прасторы.

Цыкл восеньскіх свят пачынае абрад «Жаніцьба коміна», характэрны для палескай тэрыторыі. Камін абзаводзіцца і іншымі імёнамі – Павет ці Лучнік. «Комін» падвешваюць пасярод пакоя і ўсталёўваюць пад ім рашотку для падпаленай лучыны. Унізе ставяць ёмістасць з вадой для падальных пры гарэнні вуглёў. Такі «комін» выцягваў дым на гарышча і асвятляў хату. «Жаніцьба каміна» сімвалізавала рытуальнае перанясенне сонца з вуліцы. Запаліць звычайны агонь і даць яму гарэць без правядзення абраду людзі не маглі.

Традыцыя захавалася ў Жыткавіцкім раёне. У першую чаргу абіралі гаспадара хаты, дзе будуць запальваць комін. Па прынцыпе «падобнае выклікае падобнае» людзі праводзілі рытуал там, дзе ёсць дастатак. Калі гаспадар багаты, то і астатнія стануць жыць лепш. Часцей за ўсё гаспадаром хаты быў пчаляр – чалавек, які злучаны з іншасветам, разумее мову пчол і здольны кіраваць імі.

Пад час «Жаніцьбы коміна» кабеты першымі ўваходзілі ў памяшканне. Удзельнікі абраду выконвалі песні і прыносілі з сабой рытуальныя рэчы. Кветкі спляталі ў адмысловыя вянкі для ўпрыгожвання коміна. У гэты дзень агонь быў у пашане. Вакол коміна абыходзілі з гарбузом і свечкай, абсыпалі канструкцыю семкамі ці збожжам. У абрадавых песнях комін параўноўвалі з жаніхом, а працу з нявестай. 

Пры першым запальванні коміна ў агонь клалі кавалачак сала ці кілбасы, каб залагодзіць агонь, і ён пасяліўся ў хаце. Выконвалі рытуальныя дзеянні замужнія кабеты, якія маглі працягнуць род ці ўжо сталі маці. А вось збожжа, якое сыпалася на падлогу, збіралі маладыя незамужнія дзяўчыны. Яны бралі жмені насення зёлкавай культуры і варажылі на іх. Калі ўсе зярняткі знаходзілі сабе пары, то і ў дзяўчыны з'явіцца жаніх, калі не – вяселля ў гэтым годзе не згуляць.

З гэтага часу моладзь пачынала збірацца на вячоркі. На «попратках» дзяўчаты займаліся рукадзеллем, рыхтавалі для сябе пасаг, апрацоўвалі лён і пралі ніткі. На вячоркі маглі зазірнуць і хлопцы, каб знайсці сабе нявесту, і дарослыя жанчыны  будучыя свякрухі.

Назва наступнага свята  «Цуда»  кажа само за сябе. У гэты дзень імкнуліся не хадзіць у лес, «бо цуда нацудзіць» і абавязкова здарыцца нешта незвычайнае. Непажадана хадзіць у лес і на Узвіжанне. Царква звязвае свята з Узвядзеннем Святога Крыжа, але ў традыцыйнай культуры ёсць сваё меркаванне на гэты конт. Лічылася, што перад пачаткам зімы зямля зрушвалася і зачыняла нетры. Вужы збіраліся на зімоўку, таму можна было сустрэць і клубок гадзюк ў яме.

А вось на Пакровы беларусы казалі так: «Прыйшоў бацюшка Пакроў, пакрыў зямліцу сняжком, а дзявіцу платком». Жаночы галаўны ўбор меў функцыю абярэга і працаваў не толькі на «гаспадыню», але і на дзяцей. Калі дзіцяці сурочылі, жанчына здымала хустку і левым бокам працірала яму твар. Варта было выцерці твар дзіцяці, і ўсё праходзіла. Як правіла на Пакровы выпадаў і першы снег. Да гэтага часу ўся праца была зроблена, ураджай сабраны, пасаг нявесты гатовы і можна гуляць вяселлі.
І ўвогуле быць вольнымі.

Настасся КАНАВАЛЕНКА

Фота з інтэрнэт-крыніц

При копировании материалов ссылка на сайт обязательна.
Просмотров: 24350

Комментарии